400 гадоў таму...
...Як пачалася вясна года 1602, дык пайшоў мор на людзей: ад пяці да трыццаці ў адну яму хавалі. Хворых, галодных, спухлых было незлічона — жах браў бачыць такі гнеў Божы. У вялікіх жа местах2 кожнага паасобку хавалі ды яшчэ святары праводзілі. А тых, хто на Ніз3 пайшлі, амаль усе памерлі, мала хто застаўся. Паміралі ў местах, на вуліцах, на дарогах, у лясах, у пустэльнях, на раздарожжах, у пустых хатах, гумнах. Бацька сына, сын бацьку, маці дзетак, дзеткі маці, мужык жонку, жонка мужыка пакінуўшы, разышліся па местах і па весках, адзін аднаго пакідалі, нічога не ведаючы адзін пра аднаго, і амаль усе паўміралі.
Калі ж хто стаяў ля варотаў ці нават у доме чыім стоячы хлеба прасілі, ці то бацька з сынам, сын з бацькам, маці з дачкою, дачка з маці, брат з братам, сястра з сястрою, мужык з жонкаю, дык такія словы моцна, слезна, горка казалі: «Матухна, зязюлюхна, утухна, панюшка, спадарыня, сонца, месяц, звездухна, дай крошку хлеба». Тут, каля варотаў, будзе стаяць з раніцы да абеду і да полудня, так просячы. Там жа пад плотам некаторыя і паміралі.
А хто прасіў варыва, дык такія словы мовіў: «Спадарыня, перапелачка, зорухна, зернетка, сонейка, дай дзіцятку лыжачку варыўца сырога».
У тым жа годзе куплялі жыта, грэчку, гарох па 40 грошаў4 за чвэрць5, пшаніцу і каноплі — па 50, авес — па 38, ячмень — па 70. Вядро кіслай капусты куплялі за 3 грошы, цэбар — за 24 грошы.
У тым жа 1602 годзе з божае ласкі вясна добра распачалася. Яшчэ да святога Юр’я6 жыта пасеянае пачало з зямлі паказвацца і патроху ўсходзіць. Араць пачалі на Страсным тыдні7. Сей-той яшчэ да свята пасеяў крыху маку і пшаніцы.
У тым жа годзе на Страсным тыдні ў сераду гром загрымеў вельмі грозны з дажджом і бурай немалой. І быў гэта знак нядобры і амаль злы, бо на дзесятым тыдні таго ж 1602 года ў Вялікі чацвер8 быў страшны мароз. Усе кветкі памарозіла. Пачатак быў грозны, а канец слезны. Усю агародніну — капусту, буракі, цыбулю, мак, гарох, ячмень, яравую пшаніцу — мароз пабіў. Вялікае гора было глядзець на тых людзей галодных, якія толькі агароды засеялі, а жыта не пачыналі. Увосень цэны на збожжа былі такія ж, як і ў тым годзе, што вышэй апісаны9.
У тым жа годзе ўвосень пасеянае жыта вельмі ўзрунілася. З ласкі Божае восень была пагодлівая, і прыемна было глядзець, як вакол зелена. І сяўба позняя вельмі добрай была.
У тым жа 1602 годзе, вясною і летам, на людзей былі з Божага дазволу хваробы вялікія, гарачкі, паносы. Па местах ды па весках многа малых дзетак памерла...
_________________________
1 Паводле Баркулабаўскай хронiкi /Баркулабаўскi летапiс/. Помнiк беларускага летапiсання пачатку 17 стагоддзя. Захаваўся ў адзiным спiсе /так званы Патрыяршы рукапiс трэцяй чвэрцi 17 ст., якi зберагаецца ў Дзяржаўным гiстарычным музеi /Масква/. Скла-дзена ў мястэчку Баркулабава /цяпер веска Баркалабава Быхаўскага раена Магiлеўскай вобласцi/ хутчэй за ўсе мясцовым праваслаўным святаром Ф. Фiлiповiчам.
2 У вялікіх населеных пунктах.
3 Ніз — нізоўе Дняпра, Запарожская Сеч.
4 Адзінка грашовага ўліку ў
Вялікім княстве Літоўскім і Каралеўстве
Польскім. У дачыненні да перыяду згаданых
вышэй падзей — нізкапробная сярэбраная
манета, якія вырабляліся на дзяржаўных
манетных дварах у Кракаве
/Польшча/.
5 Старадаўняя мера сыпучых рэчываў і вадкасцей на Беларусі. Раўнялася 101,62 літра.
6 Старадаўняе гадавое свята земляробчага календара. Адзначалася 23 красавіка старо стылю ў гонар заступніка жывелы і сялянскай гаспадаркі святога Юр’я.
7 Тыдзень перад Паскай /Вялік-днем/.
8 Чацвер перад Паскай /Вялік-днем/.
9 1601 г. А ен быў яшчэ больш цяжкім.
Падрыхтаваў П. РАБЯНОК.
"Днепровец" 14-03-2002