У СТРАШНЫМ ВЕРАСНІ

Маладуша — адна са шматпакутных весак Рэчыцкага раена. Як і суседні паселак Грабянеў /Грабянева/. На час трагічных для іх падзей, аб якіх пойдзе гаворка, Маладуша і Грабянеў былі ў складзе Хойніцкага раена.

Маладуша палілася двойчы — 2 і 9 жніўня 1942 года, Грабянеў — у маі 1943-га. За час акупацыі гітлераўцы і іхнія памагатыя з ліку мясцовых здраднікаў Радзімы расстралялі, закатавалі і спалілі 54 жыхароў Маладушы і каля двух дзесяткаў насельнікаў Грабянева.

Першая ахвяра — Савелій Ігнатавіч Спірыдонаў. Яму было каля 70 гадоў. У Маладушу прыбіўся яшчэ да рэвалюцыі. З вескі Ліпава, якая сення ў Калінкавіцкім раене. Працаваў механікам на панскім вінакурным заводзе, а потым — на калгасным млыне.

Менавіта С.І. Спірыдонаў пасля прыходу немцаў казаў вяскоўцам: «Я іх /немцаў/ ведаю. Яшчэ з тае вайны. З імі можна згаварыцца...». Савелія Ігнатавіча расстралялі 11 верасня 1941 года. На двары Мануйлавых /Мацвейшыных/. Пасля гэтага маладушцам было загадана збірацца на калгасны двор. Сюды ж былі сагнаны і жыхары Грабянева. Фашысты «азнаемілі» людзей з новай уладай. Пачалі выклікаць мясцовых актывістаў. Былі зачытаны прозвішчы Івана Паўлавіча Казачонка /Казачэнка/, Уладзіміра Малянка, Васіля Аляксандравіча /Аляксеевіча/ Пырха. Усе трое з’яўляліся байцамі мясцовага знішчальнага /загараджальнага/ атрада. Выклікалі Уладзіміра С. Жураўкова, маладога настаўніка. Фашысты не забыліся на Сцяпана Шчарбука, Паўла Разуменку. Дакладна ведалі пра тое, што Разуменка выпякаў для партызанаў хлеб. З людскога жалобнага натоўпу была вырвана Любоў Андрэеўна Новік. Ей было ўсяго 25. Працавала загадчыцай клуба, скончыла курсы трактарыстак, на пачатку вайны ўзначаліла калектыў мясцовай МТС, займалася эвакуацыяй углыб краіны калгаснага статка.

— Усе. Во-во і мяне зачытаюць... — казаў Даніла Іванавіч Кузар — член выканкама Маладушскага сельсавета, старшыня калгаса вескі Лясное /Чырвоны Востраў/. Ад хваробы ледзь трымаўся на нагах. Да прыходу акупантаў меў неасцярожнасць выказацца перад вяскоўцамі, якія сабраліся каля памяшкання сельсавета: «Немцы пабудуць, дый пойдуць. Не можа таго быць, каб нашыя ўсе адступалі. А нам во тутака трэба згаварыцца, як жыць, трымацца адзін другога...». У гэту хвіліну каля сельсавета аціраўся і Майер. Немец па нацыянальнасці. Якого акупанты потым прызначылі камендантам Маладушы. Але 11 верасня Майера ў весцы не было. Гэта і ўратавала Д.І. Кузара. Але ўсяго на два тыдні. У канцы верасня Данілу Іванавіча карнікі схапілі разам з Федарам Андрэевічам Кударэнкам /мясцовы актывіст/, прывязалі іх за аглоблі калес, пагналі, каб памучыць, па дарозе да вескі Сяменаўка. А там, каля Сяменаўкі, прыстрэлілі.

У спісе, які фашысты мелі 11 верасня 1941-га, не было прозвішча Яся Адольфавіча Масціцкага. 18-гадовага настаўніка з Грабянева. Але да фашыстаў ступіў адзін з мясцовых здраднікаў. Які разам з Ясем вучыўся ў Рэчыцкім педагагічным вучылішчы, лічыўся ягоным сябрам. Мярзотнік торкнуў у бок Масціцкага пальцам: «Панове! Гэта камсамолец! Актыўны камсамолец!». Пачуўшы тое, карнік падышоў і выштурхнуў маладога настаўніка да адабраных для расстрэлу...

Прызначаных для расправы пагналі ў бок Чырвонага Вострава. Загадалі цягнуць за сабой гармату. Нехта з гітлераўцаў заўважыў, што ўскрай лесу, крокаў за 100 ад дарогі, сядзіць купка людзей. Паведаміў пра тое афіцэру. Той павярнуўся ў бок, куды паказваў падначалены, махнуў рукой: «Ком! Ком!». Людзі, якія сядзелі на зямлі, пачалі падымацца. Пайшлі да дарогі. Гэта былі... чырвонаармейцы. 5 ці 6 чалавек. Худыя, знясіленыя. Напэўна, прабіваліся з акружэння, ды так і не дайшлі да сваіх. Карнікі далучылі чырвонаармейцаў да прызначаных для расстрэлу жыхароў Маладушы і Грабянева. Блізка каля Чырвонага Вострава няшчасным было загадана збочыць у хмызняк. Фашысты палівалі свае ахвяры куляметным агнем, дабівалі з вінтовак...

Пятро РАБЯНОК.

P.S. Пры падрыхтоўцы да друку матэрыялу выкарыстаны ўспаміны былога жыхара вескі Маладуша, партызана Рэчыцкай брыгады «Мсцівец», ветэрана педагагічнай працы Аркадзя Данілавіча Кударэнкі

Hosted by uCoz